Не, любая, рана
Шукаць забыцця.
А бель галавы —
Гэта соль, соль жыцця,
Што хлебу жыццёваму
Смак надае,
А хвалі на моры —
Магутнасць яе.
Без смутку-ж няма
Весялосці нідзе,
Бо цень-жа за сонцам
Спрадвеку ідзе.
А ведаеш, горкія
Слёзы чаму?
Не выплачаш іх —
Дык і цяжка таму.
А выплачаш — стане
Святлей і лягчэй,
I вочы вільготныя —
Шмат прыгажэй.
Не, рана аб старасці
Нам гаварыць.
Глядзі, увесь горад
Світаннем гарыць.
Дзень творчае працы
Пачаўся вакол,
Дыханнем магутным
Калышучы дол.
У вокнах ад сонца
Аж плавіцца шкло,
I тысячы кветак
На іх расцвіло.
I верш мой, і дом,
Што будуецца нам,
Усё застанецца
Наступным вякам.
Жыццё — гэта ўсё,
Што вакол і з табой:
Вясёласць, і смутак,
I твой непакой,
I сонца, і дрэвы,
I радасць быцця,
I бель галавы —
Гэта соль, соль жыцця.
Ты кажаш, маршчынкі, —
Прайшла маладосць...
Ну што-ж, наша часць
Ва ўсім зробленым ёсць.
А сівыя скроні?..
Я рад іх любіць!
Мінулага свет
Пад нагамі ляжыць.
А новым праспектам,
Што сонцам услан,
Імчыцца дзіця наша,
Быццам-бы лань.
Сустрэне таго,
Каго стане любіць,
І песня далей
На зямлі прагучыць.