ПЕВЕНЬ НА МАЁЙ ВУЛІЦЫ (Замалёўка)


Відаць, што нядрэнная памяць у пеўня, —

Заплюшчыўшы вочы пяе.

Успомніў, што некалі жыў ён, напэўна,

Паблізу ад хаты мае.

Вясны залацістае ранак пагодны,

Чароды курэй маладых,

Двароў ён шукае знаёмых і родных,

I цяжка яму ад нуды.

Ідзе, галаву на бакі павяртае,

Мясціны нібы пазнае.

I вуліца так, як даўней, выглядае,

Ды нечага ўсё-ж не стае.

Вось ганак, прыступка, парог...

Ды нікога, Хто-б дзверы яму адчыніў.

А тут-жа дзяцей было некалі многа!

Няўжо ён як-небудзь зблудзіў?

На цэглу, на лом ён ступае няцвёрда,

Ён крыллі свае распрастаў...

Расцвіў яго грэбень... і раптам ён горда

Узняў галаву й заспяваў.


Загрузка...