Выйдзі, майстар,
У горадзе лепшае месца знайдзі
I падмурак кладзі.
Так будуй гэты дом,
Каб за кожным акном
Новы дзень разгараўся вясёлым святлом,
Каб ніхто не ўтаіў захаплення ў вачах,
Паглядзеўшы, як сонца ліецца на дах.
Ты будуй гэты дом, ды трывала будуй,
Самым лепшым цэментам пралёты змацуй,
Як спатрэбіцца медзь ці спатрэбіцца сталь, —
Іх дадуць
Украіна,
Урал,
Казахстан.
Дзверы з дубу навесь:
Гай магутных дубоў
Каля Нёмна жыве,
Уздоўж яго берагоў.
На завесы надзейныя дзверы прыбі,
Але гэтак зрабі,
Каб дзіця тыя дзверы магло адчыніць
Каб гасцінна яны
Запрашалі сяброў
Не мінаць гэты дом,
Завітаць на парог.
А па гэтай рабоце ты фарбы вазьмі
З усяе неагляднае нашай зямлі,
Каб і зоры свяцілі,
I кветкі раслі,
Каб найлепшыя колеры ў доме былі.
Расстарайся на вокны празрыстага шкла, —
Самай тонкай работы павінна быць шкло,
Каб ніводная рыска значна не была,
Каб лілося святло,
Калі сонца ўзышло,
Каб не гасла відно,
Калі зойдзе яно,
Каб марской чысцінёю паветра плыло.
Чуеш, майстар?
Старайся, як лепей зрабіць!
Пабудову закончыш, — прайдзі і агледзь,
Каб не брыдка табе было, майстар, сустрэць
Тых, што прыйдуць сюды
Гаспадарыць і жыць.
Дом гатоў і, здаецца, плыве ў далячынь,
Дзе відны ўжо наступнага берагі.
I падзякаю партыі песня гучыць,
I нястомна на вахце стаяць юнакі.
1945