Дуброва. Пустэльны куток Беларусі.
Уздрыгвае лісце на белай бярозе.
Тугу і самоту выстуквае бусел,
Гаворыць на мове сваёй у трывозе.
Ноч. Хаты сляпымі, як цемра, вачамі
Глядзяць у прастор, што не мае і краю,
I хлопцы з лясоў, нібы цені, часамі
Таемна прыходзяць, таемна знікаюць.
...Сядзіць у куточку на лаўцы бабуля.
Лучына даўно ўжо сатлела і згасла.
I ціха, — каб немцы, крый божа, не чулі, —
У бойцы употайкі б’е яна масла.
А Галя ляжыць. Ёй не спіцца, не спіцца,
Гарыць яе цела, а вочы — у скрусе.
Спаўзла яна з ложка і падае ніцма
Прад бабкай старою:
— Баюся, баюся!
О добрая бабка, скажу табе сёння
Усю праўду. Ты-ж толькі нікому ні слова! —
Спужалася баба:
— Што кажаш ты, доня?
Ты трызніш, дзяўчынка.
Ды ты нездарова! —
А Галя ў пакуце разгублена шэпча,
I літасці просяць засмяглыя вусны.
Яе абнімае старая за плечы:
— Ну што-ж ты трапечаш? —
— Баюся, баюся...
Скажу я ўсю праўду. Дзяўчынка я з гета. —
I слёзы ў вялізных вачах задрыжэлі:
— Баюся, дазнаецца немец пра гэта,
Баюся, каб немец мяне не застрэліў.
А бабка пяшчотна яе прытуліла
I гладзіць, як маці, малую дзяўчынку.
— Хай згінуць фашысты — нячыстая сіла!
Не бойся. Я ў горы цябе не пакіну.