Любоўю з табою ў імкненнях мы звязаны творчых.
Хоць плакала сэрца, ды горка смяяліся вочы.
Стаю перад скарбамі кніг тваіх — праўды крыніцай,
I жудасць мінулай пары мне ізноў быццам сніцца.
Не раз суцяшалі ў бядзе твае свежыя словы
I ўверх узнімалі пахілыя ў горы галовы.
Ты радасці шмат нам прыносіў заўжды ў вечар зімні,
На’т бацька мой хмуры — і той усміхаўся з усімі.
I слухалі Шолам-Алейхема з намі суседзі,
Жанкі, помню, шылі... Смяяліся ўсе, нібы дзеці...
А бацька стары, каб на людзях ад смеху ўхіліцца,
Паважна выходзіў на двор — зачыніць акяніцы.
Але ў тыя дні я не раз неўспадзеўкі падслухаў,
Як рогат яго праз акно далятаў да нас глуха.
У «шукальнікі золата» за акіян ты падаўся,
Але не знайшоў... Быў ты бедным — такім і застаўся.
Ў Н’ю-Йорку дасюль яшчэ цэлы той дом, дзе памёр ты.
Жывуць краўцы Бронкса ў ім. Радасці горам сцёрты.
Ў тым доме і каменя нават няма з тваім імем,
Твой помнік — то кнігі. З’еднаў нас навекі ты з імі.
А ў Бронксе пастаўлен цялец залаты ў стальным храме,
Як тупасці помнік, банкірамі і гандлярамі.
Ты скора патух, але будзеш свяціць і ў далейшым.
Ў вяках дарагім застанешся, наш Шолам-Алейхем.
Прайшлі з тваім імем праз цьму перашкод у жыцці мы,
I скарб даняслі твой да светлай совецкай Радзімы.
I, роўныя з іншымі ў нашай сяброўскай мы хаце,
Паклалі ў скарбніцу народаў і наша багацце.
А смех твой шырокі на мовах совецкіх гучыць гучным звонам,
I заўтра, як сёння, ўшануюць цябе векапомна.
Яшчэ маладзейшым ты будзеш у нашым далейшым.
Ў вяках дарагім застанешся, наш Шолам-Алейхем.
1939