Сяло ў Беларусі — Дуброва.
На полі — духмянае лета.
Там пасвіць, пільнуе каровы
Дзяўчынка маленькая з гета.
Спалох і самота над краем,
Разбураны ён ад напасці,
Няўжо, Беларусь дарагая,
Тваё зацямнілася шчасце?
Дзяўчынку-ж усе палюбілі!
Скарынку апошнюю з ёю
Вясковыя людзі дзялілі,
Бо ў сэрцы — сумленне святое.
Яно ў барацьбе, ў небяспеках
Сагрэе нязгасным праменнем,
Яно зберажэ чалавека.
Яно прынясе вызваленне.