СВІТАННЕ


Румяна неба з краю і да краю,

Зара павольна гасне за зарой.

I першы чалавек, каго страчаю,

Нясе любоў і цеплыню з сабой.

Ідзем сумесна дню мы насустрэчу,

Мы разразаем вецер з ім наўзмах.

Пяшчотнасць маці мне лягла на плечы,

Спакой дзіцяці свеціцца ў вачах.

Бразгочуць дзверы. Дахі на будынках

Плывуць да сонца, распластаўшы цень.

Цяпер мне шкода страціць і хвілінку:

З усімі разам я ступаю ў дзень.

Прыемна несці важкасць бытавання,

I працу дня, і ўсіх начэй красу.

Праз сінія празрыстыя світанні

Сваёй краіне я жыццё нясу.


1940


Загрузка...