Калі хто захоча напіцца вады, —
Калодзеж капае глыбокі...
Калодзеж я ў сэрцы капаў праз гады,
Знайшоў там кахання вытокі.
Жыццё, быццам кнігу, раскрыў і гляджу:
Там з радасцю гора сплялося.
Падобна да кропель вясновых дажджоў
Каханне блішчаць засталося.
Зямлю я шчаслівую прагнуў знайсці
(Дзіцячых гадоў хваляванні),
Не меў я нічога, а толькі у жыцці
Валодаў адзіным — каханнем.
Не радаснай тая часіна была,
Дзень поснай суботы у хаце.
I з плачам, за лішнюю крошку з стала.
Шчыпала гаротная маці.
Я ў сэрцы каханне тады захаваў,
Каб нават не ведалі людзі.
І штодзень вялікага прыйсця чакаў
І верыў — яно яшчэ будзе.
Мінула і знікла гадоў чарада,
Мужнеў я і сіл набіраўся.
Цяжкая, цярністая тая хада
Была, каб назад не вяртаўся.
На хвалях жыццёвых у змрок, у начы
Я сцежак жыццёвых не зблытаў.
Даплыўшы да шчасных сваіх далячынь,
На бераг ступаю адкрыты.
Натхнёны каханнем мой спеў не маўчыць,
Сустрэўшы жыццёвы свой поўдзень;
Ён, мне асвятляючы цемень начы,
Праз нетры глыбінныя пройдзе.
Здаралася, праўда, спыняўся мой спеў,
Разбітая скрыпка змаўкала.
Але-ж захаваць я каханне хацеў,
Яно ратавала, натхняла.
Як радасна мне, што каханне было,
Як сонца,— нідзе не ржавела,
Мяне гартавала, наперад вяло
Заўсёды надзейна і смела.
Пайду па жыццю і, як той багацей,
Кладовішча чулага сэрца
Я шчодра раскрыю на радасць людзей —
Для іх яно песенна б’ецца.
Калі хто захоча напіцца вады, —
Калодзеж капае глыбокі...
Крыніцу я ў сэрцы капаў праз гады,
Знайшоў там кахання вытокі.
1956