Глянь на дрэва,— на галлі
Першы ліст зазелянеў!
Крона спалена калісь,
Але корань уцалеў.
Што за зімы тут былі,
Што за леты — не сказаць!..
Маці-б хоць прыйшла калі
Дзіцянё закалыхаць.
Хоць-бы зрэдку верабей
У лісці пашчабятаў.
Хоць-бы голас весялей
Час-ад-часу залунаў.
Ствол, распранены зусім,
Засаромлена глядзіць;
Выйшаў ён з агню такім, —
Без кашулі, як стаіць.
Многа часу ён чакаў —
Пасівелы, моцны ствол.
Верх ягоны засыхаў,
Ды жывіў карэнні дол.
I цяпер усім відаць:
Пачынае дрэва жыць.
Гулка вуліцы звіняць,
Вецер радасна шуміць.
Першы ліст зазелянеў,
Самы свежы між лістоў.
Корань дрэва уцалеў, —
Адрасце і верх ізноў!
1945