Ідуць яны коўзкім узгоркам —
Дзяды, і матулі, і дзеткі.
I лёд на магіле той горкай
Папросіцца ў страшныя сведкі.
I сына маленькага маці
Да сэрца свайго прытуліла.
— Дачушкі мае, уцякайце
Ад немцаў, ад чорнай магілы! —
I шэпча старэйшай на вуха:
— Застанься для таты, як памяць, —
I ўпала ў знямозе, і глуха
Азвалася стогнамі замяць.
Дрантвее малы, нібы мармур,
А з вуснаў цяплынь павявае,
Яшчэ абнімае ён маму,
Яшчэ калыханкі чакае...
I Дзіна ідзе праз руіны
З малодшай сястрыцаю Галяй.
I сціснута сэрца у Дзіны,
Як Галіны вусны — ад жалю.
Ні кулі, ні смерць, ні праклёны
Спалохаць не змогуць дзяўчатак.
I сёстры ўцякаюць з калоны...
За нейкай разбуранай хатай
Схаваліся. Доўга стаялі.
Гудзеў неўгамованы вецер.
I вуліц маўклівыя далі
Ахову прыносілі дзецям.
Маленькія сёстры, як цені,
Куды іх завея пагоніць?
Далёка яшчэ вызваленне,
А ўсё-ж яно ймчыцца на конях!