***


Палаў эшалон на зары,

Палохаў разбуджаных птахаў,

I вогненны, вольны парыў

Гуляў па вагонах, па дахах.

I дым апускаўся на дол,

Панурыя вораны грозна

Разносілі вестку наўкол:

— Пагроза, пагроза, пагроза!

I нават да ціхай нары,

Дзе сон над усім уладарыў,

З вятрамі дайшлі на зары

I водблеск, і дым ад пажару.

Ёй душна...

Чыясьці спіна

Святло засланяе ад Дзіны.

Яна не адна, не адна!

I нехта глядзіць на дзяўчыну.

Ён дыхае цяжка.

I кроў

На твары юнацкім і светлым.

Ён шэпча:

— З якіх ты краёў?

Быць можа, ты з гета? —

Ён бачыць збянтэжаны твар.

Жалобныя, цёмныя бровы.

— За смерць, за пакуты ахвяр

Я помсціў сурова.—

I Дзіна палоскі ірве

З дзявочай кашулі старанна,

На русай яго галаве

Яна перавязвае раны.

Схілілася Дзіна над ім.

Здаецца, у сне ён з'явіўся.

А водсвет пажару зусім

З праменнямі першымі зліўся.

I ранак празрыстым святлом

Пакрыў снегавое раздолле.

Дзесь заяц шмыгнуў за ствалом...

Ідуць яны разам паволі.

Ён кажа, што блізка атрад...

Што зробіш? Ён крочыць-бы рад —

Ды толькі ў вачах пацямнела.

Цяжэе ягонае цела.

У лесе ёсць вуха, заўжды

Яно прыслухаецца ўпарта.

Са зброяй прыбеглі сюды

Хлапцы з партызанскае варты.

А сосны струменілі пах,

I лес напяваў яму песні.

Хлапцы на сваіх кажухах

Яго да зямлянкі панеслі.

Іх добрых вачэй цеплыня

I сэрца дружбацкая сіла

Яго да жыцця абудзіла

На ўсходзе наступнага дня.


Загрузка...