ПЕСНЯ РАДАСЦІ


Па-над берагам Нёмана ціша плыве,

Ходзіць статак па роснай зялёнай траве,

Лес магутны пільнуе дрымотны спакой, —

Толькі хвалі няспыннай бягуць чарадой,

Нібы час, што не вернеш ніколі назад!

Зіхаціць і плюскоча пад сонцам рака,

Гэта — рух, гэта ўперад прасцёрта рука.

Можа й ёсць гэты рух, гэты пенны каскад

Найвышэйшага шчасця людскога сабрат?

Не шукае рака ні спакою, ні сна —

I шуміць, і бяжыць, і гамоніць яна,

I нясе на срабрыстых сваіх грабянцах

Бег гадзін, бег хвілін без канца, без канца...

Я дыханнем жывых навальніц напаю

Сваё сэрца і гэтую песню сваю:

Я? Магу я ў звычайнасць гаворкі людской

Кінуць голас хвалюючы, песенны, свой.

Я іду — гэта крок мой цалуе зямлю.

Я пяю — гэта я ўсё жывое люблю.

Я жыву — гэту радасць шточасна, штодзень

Носіць мой неразлучны, уласны мой цень.

Жвавай хвалі шпарчэй зыркі погляд вачэй,

Бліскавіц агнявых мая думка ярчэй.

Я? Магу я паводак разлівы спыніць,

Я магу між сабою дзве рэчкі злучыць,

Я магу ўтаймаваць іх бурлівую плынь,

Я магу іх узняць вышынёю плацін, —

Каб на месцы тых рэк — мора сіні прастор

Калыхаўся, асветлены полымем зор;

I каб там, дзе пустэльні ляжаць без граніц,

Хваляваліся нівы разлівам пшаніц.

Па-над берагам Нёмана ціша плыве,

Ходзіць статак па роснай зялёнай траве,

Лес магутны пільнуе дрымотны спакой, —

Толькі хвалі імчацца дарогай сваёй,

Нібы час, што ніколі не вернеш назад! —

З імі я, з імі шчасця майго далягляд!


1956


Загрузка...