Ты болей не прыйдзеш
Да нашых дзвярэй,
I вечар мой будзе
Паперы бялей,—
Нічога я з гора
На ёй не ўпісаў,
Бо словы, як птушак,
Віхор разагнаў.
Да птушкі падобна
Маё пачуццё.
... Наш дом — у пажары,
У доме — дзіцё.
А мне не ўзабрацца
На вогненны дах...
Так вобраз прыходзіць
Мне твой па начах.
Ты болей не прыйдзеш
Як госць да мяне.
Стаіць толькі месяц
Халодны ў акне.
Твой твар праплывае
У бляску, без дум...
Як птушка пад ветрам
Лятае твой сум.
I падаюць птушкі
На вогненны дах...
Так вобраз прыходзіць
Мне твой па начах.
*
I раптам знікаюць цяжары,
З’яўляецца радасць у дом, —
У хату заходзіць таварыш,
Становіцца светла кругом.
Пыл боты яго пакрывае,
На твары суровы выраз.
У вочы яму пазіраеш,
Мінулы прыгадваеш час.
— Дзень добры! — ён кажа. I ранак
Адразу святлее вакол.
I ўсё, што на сэрцы схавана,
Кладзеш перад ім, як на стол.
Размова, пачатая сціпла,
Праз момант ліецца ракой.
I ноч ужо к вокнам прыліпла.
А друг твой, таварыш — з табой.
Нам трэба сказаць гэтак многа,
А мы не сказалі ані.
Мы хочам унікнуць былога,
Зірнуць у наступныя дні.
Гадзіна ідзе за гадзінай,
I часу губляецца след.
Мы ўдвух з сваім другам адзіным,
I з намі цяпер увесь свет.
1944