У ЛЕСЕ Ў ПАЧАТКУ ВЯСНЫ


Вясна, і павольна вылазіць ялінка

З-пад снегу, нібы птушанё,

Асмяглымі пальцамі ў снезе галінкі

Сабе прарабляюць акно.

Прыгожыя сосны шумяць паўз дарогі

Па пояс у снезе. Цяпер без панчох

Пад сонца падставілі зграбныя ногі,

Ступенямі стаўшы на мох.

Нядоўга ўжо снегу ляжаць — ён растане,

А зараз сінее і чэзне штодзень.

Ён заўтра паводкай вясноваю стане,

I след яго брудны закрэсліць прамень.

А птушкі здалёку дамоў прыляцелі,

I пырхаюць парамі ў лесе яны,

I ў гнёзды пуховыя сцелюць пасцелі,

I грэюцца ў промнях ласкавай вясны.

Сюды я прыйшоў для вялікай сустрэчы,

Мяркую вытокі кахання знайсці.

I сум адляцеў мой, бо ён недарэчы

На сцежках квяцістых у светлым жыцці.

I першага дожджыку прагнуць сасонкі,

Іх волкае голле на ветры дрыжыць.

Усё тут замоўкла — не чутна гамонкі,

Зямля, як цяжарная, ў стоме ляжыць.

Без шапкі між дрэў я стаю ў задуменні,

Падставіўшы лоб свой пад свежы павеў.

Пяшчотна яго абдымаюць праменні,

I новы ў душы нараджаецца спеў.

А сонца аж слепіць. Раз’ятраным жарам

Зямлю ахінае і лес залаціць,

Аж покуль сустрэне дажджовую хмару,

Маланка заззяе, і гром загрыміць.

На кожным пагорку, маленькай лагчыне,

На ўзлессі і шыры бязмежных палёў

Жыццё навальніцай вясенняю хлыне, —

I ўсё заквітнее, адновіцца зноў.


1956


Загрузка...