Крочаць праз мяцелі,
Крочаць дзве дзяўчынкі,
Змерзлі, пасінелі —
Без гнязда птушынкі.
Дзесьці ў вёсцы дальняй —
Добрыя сяляне.
Як знайсці кірунак,
Як знайсці ратунак?
Вые злосны вецер.
I шукаюць дзеці
Цётку ці бабулю, —
Можа, хто прытуліць?
Снегам пазанесла
Ўсе шляхі-пуціны,
Сэрцу ў грудзях цесна...
Дзе святло хаціны?
На ускраі вёскі
Светлыя палоскі
Глянулі з аконца.
Можа, тут іх сонца?
Вые вецер зверам.
Стукнуць, можа, ў дзверы.
Хоць пара начная,
Хоць ніхто не знае
Гэтых дзвюх дзяўчынак —
Без гнязда птушынак.
I знаходзяць тую
Маці залатую,
Што дзяцей нямала
Ўласных гадавала.
Стогне Міхаліна:
— Ўсюды немцы-каты!
Як знайсці мясціну,
Дзе схаваць дзяўчатак?