ЗІРНІ, ДЗІЦЯ!


Зірні, дзіця!

Апала з дрэў краса...

А помніш, як стаяў у белым цвеце сад.

Як ён шумеў,

Гайдаў птушыны спеў,

Як тупалі дажджы між дрэў?

Зірні, дзіця!

Табе вясны шкада,

Ліпнёвым дням яе

Не хочаш ты аддаць,

Не хочаш знаць,

Што лета надышло

I з той красы у садзе вырас плод.

Зірні, дзіця!

Прыйшоў асенні дзень.

Асенні дождж па вуліцах ідзе,

А ты у бесклапотнасці сваёй

Яшчэ жывеш тым летам і вясной:

I дрэвы у цябе цвітуць,

I караблі ў цябе плывуць,

Бягуць зайцы к табе з лясоў,

Ты — паляўнічы, ты-ж і воўк.

Запяўшы станік хвартушком,

Як мама, прыбіраеш дом

I лялькам аддаеш загад,

Каб не дурэлі.

Гульняў шмат

За дзень ты можаш перабраць.

Гуляй, дзіця,— твая пара!

А я падумаў сёння аб адным:

Цяпло вясны ў табе самім.

Зірні, дзіця!

Ужо канец зімы,

Марозных кветак сон

Змялі дамы

З акон.

Хоць і гуляеш ты яшчэ у снег і вецер,

А снег ужо растаў,

Ідзе вясна па свеце,

У чаргаванні дзей,

У кругабегу дзён

Мінае час, раджаецца жыццё,

Расце жыццё, і ты расцеш, дзіця!

Шырокі прад табой адчынены прасцяг:

Ты будзеш доўга жыць — дужэць і гартавацца

У харастве вясны і ў сонцы летняй працы.


1940


Загрузка...