КРАВЕЦ


Нямнога жадаў гэты просты кравец:

Каб хлеб на стале аздабляў яго дом,

Каб зоры раслі, як суніцы ў траве,

Здаволен быў працай сваёй і жыццём.

Часамі, у свята, хадзіў ён гуляць,

Глядзеў, як рунее суседаў загон,

З зялёнага лесу прыносіў галля

I столь прыбіраў, як вялося здавён.

I слова сказаць, і адзежу пашыць —

Стараўся рабіць для суседзей найлепш.

Сяляне любілі краўца ад душы,

Салодкі яму быў зароблены хлеб.

А немец прыйшоў і хаціну спаліў

I поле суседава ўшчэнт здратаваў.

Гаркотаю дым да нябёс зачадзіў,

I сумна панікла ў далінах трава.

Ляжыць на руінах забіты яўрэй, —

З усёю сям’ёю загінуў кравец, —

І толькі дзіця ад нялюдскіх вачэй

Суседзі ўтаілі, схавалі ў хляве.

Як ноч узышла на затлёны прасцяг,

У хлеў адчыніліся дзверы крадком,

Суседка прыйшла паглядзець на дзіця,

Даць хлеба крыху, напаіць малаком.

З жанчыны яно не спускае вачэй,

Да хлеба працягвае ручкі свае...

Не можа малое уцяміць яшчэ,

Чаму гэты хлеб не матуля дае.

На грудзі цяжкая слязіна сплыла...

Сядзела жанчына з малым да відна,

На рукі ўзяла, у свой дом занясла,

I маці яму замяніла яна.


1943


Загрузка...