ПЕСНЯ ПРА МІНСК


Не буду пытацца ні ў кога,

I болей ніхто ўжо не скажа,

Сама будзе весці дарога

Туды, куды думка падкажа.

Там пляц мяне кожны пазнае,

I камень раскажа мне з бруку,

I комін з руін нагадае

Няўтойную ран.у і муку.

Звяры павяртаюць у норы,

А птушкі — да гнёздаў любімых.

Магіламі ўкрыты прасторы,

Ды нельга забыцца радзімы.

Хай ластаўцы нельга мясціны

Знайсці, дзе гняздо змайстравана,

А я адшукаю руіны,—

Тут хата мая зруйнавана.

Праз камень трава прарастае,

Галінка да сонца імкнецца.

Ізноўку зямля зацвітае

На попеле спаленых сэрцаў.

Як птушка малая, старанна

Свой дом адбудую нанова,

Да стомы, да поту я стану

Цагліны насіць на будову.

Каб там, дзе браты паміралі,

Дзе іхняя кроў чырванела,

Ні колер, ні гук не прапалі,—

Каб зноўку жыццё заквітнела!


1945


Загрузка...