На сонечнай вуліцы, сцежцы сухой,
Вясеннія песні гучалі,
Дзяўчынкі скакалі на ножцы адной —
У «класы» яны тут гулялі.
Напэўна глыбока задумаўся я.
Што нават і сам не прыкмеціў,
Што ўжо на сярэдзіне «рая» 1 стаяў, —
Навокал смяяліся дзеці.
Я сённячы з імі у гульні гуляў,
Забыўшы пра розныя ўзросты,
Скакаў на назе, жартаваў і спяваў, —
Было ўсё так добра і проста.
I думкі, што ўсюды хадзілі за мной,
Цяпер адляцелі далёка.
У гульнях дзіцячых знайшоў я спакой.
I радасна стала навокал.
Мяне не прагналі з гульні малышы,
Хоць класы я ўсе пераблытаў.
Наш рай на зямлі — то багацце душы
У дружбе сяброўскай адкрытай.
Якою-б дарогай жыццё ні вяло —
Я з вернага курсу не збіўся.
Цяпер прада мною любоў і святло.
Цяпер я ў раі апыніўся.
1956