Асенняе сонца пяшчотна пячэ,
У восень — лагоднае сонца яшчэ,
Нібыта кабеты пяшчотнай любоў,
Так цёплае сонца распальвае кроў.
Яно садавіну кашамі нясе,
I просіць: вазьміце, каштуйце усе.
Кавалачкі яблык хрумсцяць на зубах, —
Праменнаю фарбай набраклі ў садах.
Пахучыя грушы і яблык янтар,
I сінія слівы — вось сонечны дар.
У сціртах капуста, гарой гарбузы —
Трашчаць пад цяжарам на рынку вазы.
У шоўкавых хмарках праменіцца даль,
Ляціць павуціння празрысты паркаль.
Звініць пазалотай і ясень, і клён;
Як я, гэтым сонцам захоплены ён.
Яно-ж закалыхвае водарам траў.
Я гэтае сонца ізноў пакахаў.
Верасень — кастрычнік 1956