ПРАЦАВАЎ ЦАЛЮТКІ ДЗЕНЬ Я...


Працаваў цалюткі дзень я

I цябе чакаў.

Сіні вечар лёг на сцены,

Выйшлі мы — ў руцэ рука.

Ў задумёным сомным полі

Любіш ты хадзіць.

Вось зрываеш спелы колас

I глядзіш на маладзік.

Ў полі жыта даспявае,—

Хутка і жніво.

Чуеш, сэрца як спявае,

Услаўляе хараство?

Мы ідзем так доўга моўчкі,

Толькі ў грудзях спеў.

Бачыш, яблыкі, як вочы,

Выглядаюць з сонных дрэў?

Вось наскочыў шустры вецер,

Яблыка зваліў,

Шаль твой ўверх і ўніз ён верціць

Між разгойданых галін;

I здаецца, ты ўзляцела...

Не! Спыніла ўзлёт...

Воблік твой з усмешкай смелай

Мне ў душу глыбока лёг.

I сама ўся ў летнім цвеце

З кудрамі вясны.

Пекната іх ўночы свеціць,

Круглы год цвітуць яны.

Ўвесь рабочы дзень насіў я

Вобраз залаты.

Скора прыйдзе вечар сіні...

Не марудзь, прыйдзі!


1940


Загрузка...