***


У смерці дзесятак шляхоў, пэўна, ёсць.

Жыццё — сотні, тысячы мае.

Радзіма! Жыццёвую ўпартасць і лёс

Народ мой табе прысвячае.

Магутную зброю куюць кавалі,

Зара перамогі ірдзее.

Вы чуеце скаргі?

То скаргі зямлі,—

Ёй цяжка насіць ліхадзеяў.

Яшчэ толькі сорак другі — Беларусь

За дротам калючым, у ранах.

I лепшыя людзі ў такую пару

Ідуць у лясы, ў партызаны.

Яшчэ у пажарах і хаты й сады,

Ні хлеба няма, ні адзення.

Але над спалохам, над смерцю заўжды

Пануе людское сумленне.

Апошні кавалак старая цішком

Прынесла вандроўніцам з гета.

Спаліла-б фашысцкую погань агнём, —

Адна ў яе мара і мэта!


Загрузка...