Да плыўца ў акіян светлым птахам з зямлі
Далятае сяброўскае слова,
I цяплей на душы, хоць цябе абнялі
Хваляў шум, подых шторма суровы.
Паміж небам і морам — на стыку двух сіл —
Чалавек, як расінка ў пустыні,
Перад тварам дзівоснай і грознай красы
Над бяздоннем зялёных глыбіняў.
Родны бераг далёка... Здаецца, цябе
Пакідае надзея на шчасце.
Б’юць халодныя хвалі у твой карабель,
Свішча вецер, зрываючы снасці...
У хвіліну адчаю прыходзіць тады
Голас родны сяброўскага слова,
Каб цябе зберагчы ад нягод, ад бяды,
Каб напоўніць душу сілай новай.
Голас друга адолее час і прасцяг,
Гул навалы, бязмежныя шыры,
Нібы словам, абвеяным праўдай жыцця,
Твой народ прывітаў цябе шчыра.