ЖНІВО


Збіраецца маці, бярэ яна серп:

Даўно асыпаецца спелы загон.

Ідзе на палетак і ў сэрцы нясе

Нямецкім забойцам гарачы праклён.

I жала яна і вязала снапы,

Ўвесь дзень ваявала да позняй начы.

I грозна звінелі на нівах сярпы,

Мільгалі ў паветры сярпы, як мячы.

Бліскучыя росы на травах, як пот,

Паціху дамоў адыходзяць жанцы.

Дзяўчаты! Вы бачылі сонца заход?

Там здужалі ворага нашы байцы!

Смяюцца дзяўчаты. Чаму ім не знаць?

Бо тыя-ж байцы — гэта іх жаніхі.

Ноч стала лугі у туман апранаць,

На раніцу будзе яснейшы блакіт.

На ранні увішней пачнецца жніво,

Аб гэтым дзяўчаты на прызбах пяюць,

I песня звініць маладым хараством,

А маці ўсё думае думу сваю.

Яна ўспамінае далёкіх сыноў, —

На фронце яны, затужыла па іх.

Калі-ж дачакаецца маці дамоў,

Сустрэне, абдыме гасцей дарагіх?

Яна абвясціла таксама вайну, —

Сынам памагае на полі сярпом:

Збірае і вяжа ў снапы збажыну

I ворага душыць жытнёвым вязьмом.


1942


Загрузка...