Сыграй мне, музыка, сыграй мне без нотаў,
Без флейты, без скрыпкі сыграй,
Сыграй на кавалках парванага дроту,
Што звіс на слупах з краю ў край.
Хадзіць па дварах і па вуліцах будзем,
Хай скрозь нашы песні гучаць.
Збягуцца да нас уцалелыя людзі,
Мы будзем між імі стаяць.
Не, цяжка забыцца, забыцца не можна,
Галосіць пралітая кроў...
Сам-на-сам дзе-небудзь тады асцярожна
Паплачам маўкліва, без слоў.
Сыграй-жа мне гнеўную песню, музыка,
У гневе мой смутак сплыве.
Тут знішчан дазвання набытак вялікі,
Але перамога жыве!
Па вуліцах нашых праходзіць дарога,
Дарога на захад вядзе.
Насустрач сваім пераможцам з парога
З уцехай выходзім штодзень.
Сыграй-жа, музыка, сыграй мне без нотаў,
Матыў перамогі сыграй,
Сыграй на кавалках парванага дроту,
Што звіс на слупах з краю ў край.
1944