ЖЫЦЦЁ МАЁ


Хаджу я закаханы ля цябе,

Гляджу у твар табе, у вочы міла,

Каб ні адна хмурынка чысціні

Красы тваёй не засланіла.

Жыццё маё, глядзі — прыйшла вясна,

Прыйшла на ганак наш і ў наваколле.

Я пад руку вазьму цябе, жыццё,

I пойдзем мы гуляць у поле.

Высока неба ў нас над галавой.

Зіхцяць палеткі збажыною росна.

Глядзі, як рана сонейка ўстае

I ўвечары заходзіць позна.

На досвітку услаўлю ноч з табой,

Увечар будзе дзень апеты.

Жыццё маё, цудоўна будзе нам,

Паверыць можаш мне у гэтым!

Каровы павыходзілі з хлява,

Конь развявае грыву залатую,

Я для цябе ні хлеба, ні святла,

Ні любасці не пашкадую.

Усёй краіны шыр і даўжыню

З табою праляцець, жыццё, бяруся.

Па ранішняй расе я выйду ў шлях,

Праз свежыя дажджы памчуся.

Калі мы стомімся пасля паўдня,

Калі паліць нас будуць лёсу спёкі,

У засені, каб асвяжыць душу,

Пад дрэвам спынімся высокім.

Калі-ж сустрэнем мы сваіх байцоў,

Узняўшы рукі, ля дарогі станем,

Каб шчыра, ад душы, нам зноў і зноў

Ушанаваць іх прывітаннем.

Я не ступлю, пакуль не правяду

Апошняга ў калоне верхавога.

— З вясной цябе, мой родны край! — скажу

I рушуся далей дарогай.


1940


Загрузка...