ДВАНАЦЦАЦЬ ГАДЗІН


Выходжу я ў поўнач на светлы прастор

Паслухаць хаду свайго краю.

У горадзе відна, — слупамі да зор

Святло ад муроў вырастае.

На плошчах нямоўчна грымяць рупары,

Дамы не сцішаюцца позна.

I толькі далёкія дрэмлюць бары,

Загойдаўшы птушак у гнёздах.

Вось зорка мільгнула і ўпала між гор,

Пражэктар абшуквае далі.

Я зрок пасылаю на промні яго,

Каб бачыць і шырай, і далей.

На Млечным шляху узгараецца бой,

І я уяўляю, што лётчык

Па ворагу ўдарыў, і падае той

Кавалкам гаручае ночы.

Куранты спакойна адзвоньваюць час.

Увага! Вось зараз дванаццаць...

I кроў пачынае імклівей гучаць,

I сэрца мацней хвалявацца.

Мелодыя гімна наўсцяж паплыла.

Узняты магутнай залевай,

Спяваем з сябрамі, і хутка зямля

Уся абдымаецца спевам.

Працоўнаю вартай растуць гарады,

Дамы нашы — поўныя соты.

Мы сёння пад гімнам раўняем рады

Для заўтрашняй спорнай работы.


1944


Загрузка...