Я, Вісарыён Цімафеевіч Крысько, нарадзіўся 1 ліпеня 1937 года. Нарадзіўся дачасна, без пазногцяў, і нечым нагадваў павучка. Нягледзячы на гэта, у першы год жыцця я хварэў мала, хаця быў вельмі слабенькі: калі хацеў плакаць, толькі крахтаў. Пазней мама выгаворвала ў сэрцах, што некаторыя тыя дзіцячыя рысы захаваліся дасюль.
Бацькі хуталі мяне ў вату і байку, грэлі рэфлектарам, цягалі па дактарах. Трохі супакоіліся, калі ўзыходзячае свяціла педыятрыі Яўсей Хаімавіч Кацман заверыў іх, што я буду жыць...
Помню сябе з трох гадоў. Дзед Васіль Максімавіч сядзіць на лаўцы ў двары нашага доміка ў Беластоку. Я ўладкаваўся ў яго на каленях. Цёплая восень, заходзіць сонца, непадалёк пыхкае параю цягнік. Дзед напявае пад нос:
- 3 трубы ідзе дымок...
Я падпяваю яму.
Ішоў 1940 год.