ЯК З'ЯВІЛАСЯ „ВАВЁРЧЫНА ГОРА”?

Нечакана размову скіравала ў іншае „русла” Алена Васілевіч. Алена Сямёнаўна абвяла вачыма нас, маладых яшчэ, бязвусых, і з усмешкаю спытала ў Віткі:

— Дык, што, Цімох Васільевіч, загадаеце гэтым хлопцам не пісаць, пачакаць, калі стануць дзядамі? Але і вы „Вавёрчына гора” напісалі, калі яшчэ не былі дзедам?

— Казка ўзнікла па неабходнасці, — адказаў Вітка. — Дзедам, і праўда, я не быў яшчэ, але бацькам ужо быў. Паехалі мы з сынам Вісарыёнам, якога ўсе блізкія звалі Вілікам, да бабулі ў вёску. Прыехалі ў Слуцк раніцой, а да маіх Еўлічаў транспарту не было. Пайшлі пеша, а гэта кіламетраў за дваццаць.

Вілік стараўся не адставаць, аж пакуль ногі не стаміліся. Захныкаў, сеў на дарозе і кажа: „Пайду, калі будзеш казку расказваць!” Я яму адну, другую, трэцюю... дзесятую — і ўсё, скончыліся. А сын ужо без казкі ісці не можа. Тады я стаў фантазіраваць пра вавёрачку, у якой забалелі зубкі. Пачалі з сынам прыдумляць разам, як дапамагчы беднай вавёрачцы. І ў Еўлічы прыйшлі.

Там я залез на вышкі, дзе звычайна працаваў, прыязджаючы дадому, і стаў пераводзіць прыдуманае ў дарозе ў вершаваную форму. Так і з'явілася казка.


Загрузка...