АД ЗРЭБНАГА ДА ВІТКІ

У пачатку мінулага стагоддзя, калі прабіваўся ў літаратуру Цімох Васільевіч, пісьменнікі ахвотна бралі сабе псеўданімы. Так, Мікалай Раманоўскі стаў Кузьмой Чорным, Кандрат Атраховіч — Кандратам Крапівой, а Аляксандр Каратай — Максімам Лужаніным. Былі і „гаворачыя” псеўданімы. Пра гэта некалі склаў верш паэт Барыс Слуцкі:

Калі чалавек выбіраў псеўданім

Вясёлы,

ён думаў аб тым, хто абраў прозвішча

Горкі,

таксама аб тым, хто ўзяў прозвішча

Бедны.

Вясёлая эра, яна ж і светлая Ора,

з сабой прывяла псеўданімы

Святлоў і Вясёлы,

але не дазволіла б зноўку вярнуцца

Горкім і Бедным.

Яна дапускала Бязлітасным звацца,

дый не даравала б імя

Безнадзейны.

Да „гаворачых” адносіўся і першы псеўданім Крысько. Вершы, што з'явіліся ў дадатку да газеты „Камуніст”, малады паэт падпісаў: Цімох Зрэбны. Маўляў, са сваімі творамі да вас ідзе просты вясковы хлопец у даматканай, зрэбнай вопратцы.

Гэта была не толькі даніна часу, але і боязь перад судом самых патрабавальных крытыкаў — чытачоў і сяброў-літаратараў. Вершы былі прынятыя прыхільна, і на цэлых пятнаццаць гадоў Крысько адмовіўся ад псеўданіма.

І толькі ў гады вайны, як мы бачылі, Цімох Васільевіч зноў задумаўся пра выбар другога (літаратурнага) імя.

Само імя Васіль паэт узяў у бацькі — Васіля Максімавіча, а прозвішча — ад дыялектнага слова „вітка”. Гэтак на роднай яму Случчыне (дый не толькі там) называлі вяху — высокую тычку са шматком сена ўверсе, якой аддзялялі ўчасткі, надзелы. У польскай мове слова азначала галінку. Ёсць і гістарычнае тлумачэнне: з часоў Грунвальда нашыя продкі „вогненымі віткамі (віцамі)” называлі спецыяльныя каралеўскія граматы, якія пад час вялікай небяспекі склікалі сялянскае апалчэнне. Каралеўскі пасланец на кані з запаленай віткай на дзідзе нёсся па гарадах і весях, абвяшчаючы пра бяду, што насунулася на краіну.

Відаць, нездарма менавіта ў гады ліхалецця стаў Крысько Віткам, узнімаючы сваімі творамі землякоў-беларусаў на барацьбу з бязлітасным ворагам.


Загрузка...