Пасля аднаго выступлення Віткі ў Каралішчавічах Мікола Гамолка сказаў пра яго:
— Гаварыў і свяціўся!
Прыязджаючы да маладых пісьменнікаў, Цімох Васільевіч абавязкова заставаўся на абмеркаванне іх твораў. Браў самы актыўны ўдзел у размове, радаваўся кожнаму ўдаламу вершу, трапнаму радку.
У снежні 1985 года з казкамі пра дзеда Манюкіна пазнаёміў усіх Васіль Шырко. Хтосьці заўважыў, што ў казках ёсць добры гумар, мова сакавітая, вось толькі многа чарцей, ведзьмаў і рознай нечысці.
— А я таксама не баюся пісаць пра чарцей, — адразу парыраваў Вітка і прыгадаў пры гэтым вядомую казку Аляксандра Пушкіна ды аповесці Мікалая Гогаля.
Вершы, пацешкі, лічылкі чытала Г. Іванова. Ганна — не толькі паэтка, але й маці трох дзетак. Чытала, быццам гуляла з малымі. Калі закончыла, дзяўчаты нават запляскалі ў далоні, а Эдзі Агняцвет сказала:
— Цудоўныя Ганніны вершы — ад добрага ведання творчасці Віткі.
Цімох Васільевіч, аднак, не пагадзіўся:
— Не, я думаю, творы яе ідуць ад саміх дзяцей. Дый гучаць яны так, як дзіцячыя лічылкі, вершыкі. Дзякуй вам за тое, што пішаце такія добрыя творы, а таксама за тое, што самі выхоўваеце дзетак! — і шырока, шчьра, шчасліва ўсміхнуўся.