Акрылены паездкай у Каралішчавічы, я, вярнуўшыся, засеў за апавяданні. Не толькі пісаў новыя, але й перакладаў з напісанага раней па-руску.
У першыя дні студзеня 1970 года, калі ў школах пачаліся зімовыя канікулы, паехаў у Мінск. Каб пазнаёміцца з работнікамі рэдакцый і сваё паказаць. У адзін дзень пабываў у газеце „Піянер Беларусі”, у часопісах „Вясёлка” і „Бярозка”.
„Вясёлка” сустрэла сваім знакамітым „трыо”: Алесь Пальчэўскі, Сяргей Грахоўскі і Васіль Вітка. Даведаўшыся, што я вясковы настаўнік з Палесся, што прывёз апавяданні, Цімох Васільевіч адразу перадаў мяне ў рукі Алеся Пальчэўскага: ён, маўляў, адказны сакратар рэдакцыі, сам піша харошыя апавяданні і аповесці пра школу, разбярэцца...
Добры Алесь Восіпавіч, які ў часы сталіншчыны аказаўся далёка ад Беларусі. Здавалася, стараўся не пакрыўдзіць нікога. Мае слабенькія апавяданні разбіраў вельмі тонка і добразычліва, каб не адбіць ахвоту пісаць. Болей таго, пра апавяданне „Ці прачнецца раніца?” Пальчэўскі сказаў так:
— Апавяданне харошае, але ўзрост героя не падыходзіць для „Вясёлкі”. Вы пашліце ў „Работніцу і сялянку”. У іх ёсць рубрыка „Мама, пачытай!” Яны абавязкова возьмуць.
І сапраўды, у чэрвеньскім нумары „Работніцы і сялянкі” з'явілася гэтае апавяданне.
Васіль Вітка, пакуль Пальчэўскі гаварыў са мною, займаўся сваімі справамі, а то адарваўся ад чытання і запытаў:
— Што вы чулі пра Сухамлінскага?
Яшчэ ў інстытуце па педагогіцы даводзілася знаёміцца з артыкуламі знакамітага настаўніка. Ведаў, што ён працуе дырэктарам у вясковай школе ва Украіне. Так і сказаў Цімоху Васільевічу.
— А ведаеце, што Васіль Аляксандравіч піша апавяданні для дзяцей? — хітравата ўсміхнуўся Вітка. — І паглядзіце, як піша!..
Цімох Васільевіч падаў свежы нумар „Вясёлкі” з апавяданнямі Сухамлінскага, якія прымусіў загаварыць па-беларуску сам Вітка, а малюнкі да іх зрабіў Алег Луцэвіч.
І зараз, калі чытаю Віткава прызнанне пра Васіля Аляксандравіча: „Тонкае адчуванне паэзіі маленства, глыбокае пранікненне ў псіхалогію дзіцяці адразу ж выявілі ў ім талент дзіцячага пісьменніка”, — мне чамусьці здаецца, што яны былі сказаны яшчэ тады, пры першай сустрэчы.
Развітваючыся, Цімох Васільевіч сказаў:
— Калі вы навучыцеся гэтак пісаць, тады можаце лічыць сябе дзіцячым пісьменнікам.
У 1971 годзе, набыўшы кнігу В.А. Сухамлінскага „Блакітныя жураўлі”, дзе былі сабраныя і апавяданні, і казкі, і прытчы, і абразкі, я зразумеў, як высока Васіль Вітка падымаў плешку, заклікаючы моладзь вучыцца ў слыннага педагога.