Цяпер, з вышыні пражытых гадоў, мне бачацца чатыры асобы, якія паўплывалі на тое, што я стаў пісьменнікам. Гэта Павел Бензярук, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль і Васіль Вітка. Кожны меў свай уплыў на мяне, на маю творчасць, хаця часам гэтыя ўплывы перакрыжоўваліся.
Для брата — гады падлеткавыя і юначыя. Сам Павел, вельмі начытаны школьнік і студэнт, пісаў апавяданні і аповесці, а тым самым неяк і мяне наблізіў да пісьменства. З часам брат выбраў для сябе зусім не літаратурную дарогу, а я пішу дасюль...
1961 год. Я — студэнт філфака Брэсцкага педінстытута. Нейкім сваім унутраным чуццём Уладзімір Андрэевіч Калеснік улавіў, што я магу выступаць пры абмеркаванні кніг. У студэнцкія гады мне выпала бачыць Мележа і Шамякіна, Брыля і Навуменку, Караткевіча і Барадуліна.
У інстытуце былі напісаны апавяданні, вершы і першая аповесць „Судьба одинокой птицы” — і нічога не надрукавана. Аповесць я паказаў Калесніку. Ён, прачытаўшы, прапанаваў:
— Паспрабуй надрукаваць у часопісе „Нёман”!
Але я адклаў гэтую справу на некаль год.
Выручыў яго вялікасць выпадак. У 1969 годзе, прачытаўшы ў „Нёмане” апавяданні маладых беларускіх пісьменнікаў з прадмовай Янкі Брыля, я нарэшце рашыўся паслаць аповесць у часопіс, але ў лісце прасіў, каб перш прачытаў яе Іван Антонавіч. Затым адабраў лепшыя апавяданні і вершы і, нарэшце, атрымаў адказ. Янка Брыль прапаноўваў дапрацаваць апавяданне „Ленкин характер” і даслаць у газету „Зорька”.
Я зноў не спяшаўся, але ў лістападзе 1969 года аказаўся ў Каралішчавічах на семінары маладых літаратараў. Сюды прыязджала рэдактар „Зорьки” А.Ф. Мазурава і адабрала для друку якраз тое апавяданне, што прапаноўваў Брыль.
І, нарэшце, сустрэча з Васілём Віткам. Цімох Васільевіч, перш чым я сам, зразумеў, што мае чытачы — дашкольнікі ды малодшыя школьнікі і ўхваліў мае казкі. А адну — „Зайцаў кажушок” — уключыў у школьныя падручнікі. Ды пра гэта раскажам трохі пазней.
Добра дапамагалі ў час майго станаўлення Алесь Пальчэўскі, Мікола Чарняўскі і Алена Васілевіч. Усіх іх я лічу сваімі настаўнікамі і нізка схіляю галаву перад памяццю Алеся Восіпавіча, Івана Антонавіча, Уладзіміра Андрэевіча і Цімоха Васільевіча. Дзякуй усім за падтрымку і веру ў мяне!