СУСТРЭЧА ЯШЧЭ НАПЕРАДЗЕ

Я першы раз у Каралішчавічах. Пра дом Саюза пісьменнікаў Васіль Вітка напісаў:

Гуртамі стаяць падбярозавікі

Пад кожным зацішным кустам,

А рыфмаў, эпітэтаў, вобразаў

Касою касі — так густа.

... І вершы ў Каралішчавічах

Самі сабою пішуцца.

У адзін з лістападаўскіх дзён „апусціўся” ў Каралішчавічах пісьменніцкі „дэсант” — ад Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Васіля Віткі і да самай юнай паэткі Жэні Янішчыц, якая яшчэ чакала выхад сваёй першай кніжкі.

Спачатку пісьменнікі расказвалі пра сябе, чыталі свае творы, але пасля пра пісьменніцкае майстэрства вырашылі распавесці Янка Брыль і Васіль Вітка. Кожны мог выбраць, да каго ісці.

Я пайшоў да Янкі Брыля. Як тады здавалася, гэта быў адзіна правільны выбар: я сустракаўся з Іванам Антонавічам двойчы ў Брэсце, браў удзел у прэзентацыі (тады гаварылі прасцей — у абмеркаванні) рамана „Птушкі і гнёзды”, меў аўтограф. Дый тут, у Каралішчавічах, апынуўся толькі дзякуючы падтрымцы Івана Антонавіча.

Праўда, вярнуўшыся ад Віткі, Васіль Шырко (жылі ў адным пакоі) доўга не хаваў свайго захаплення ад таго, што пачуў. Гэта мяне трохі здзівіла, бо на той час Шырко пісаў „дарослыя” вершы і меў ужо нізку ў часопісе „Маладосць”.

Да слова скажу, што ў хуткім часе Васіль пяройдзе на прозу і выдасць цудоўную кніжку казак „Дзед Манюкін не салжэ”.

Мае ж сустрэчы з Віткам былі яшчэ наперадзе.


Загрузка...