Памятаю з юнацтва: усё пачыналася з тэлефоннага званка Алеся Бачылы. Ён запрашаў бацьку на спатканне з "жалезнымі дзяўчатамі" - купалінкамі са славутага фантана Купалаўскага парка. Пасля званіў іншым.
Амаль штодня летам і ўвосень, радзей - узімку і вясной яны збіраліся ля фантана: два Алесі - Бачыла і Пальчэўскі, два Аляксеі -Русецкі і Зарыцкі, адзін Мікола - Лобан і адзін Цімох, ён жа Васіль, іншы раз да іх далучаліся два Янкі — Брыль ды Скрыган.
Яны шпацыравалі па набярэжнай Свіслачы ад моста да моста, гутарылі, спрачаліся, дзяліліся самым запаветным. Я быў тады першакурснікам, захапляўся старажытнай філасофіяй і празваў іх "перыпатэтыкамі". Хто выконваў ролю Арыстоцеля, не ведаю, але думаю, што Бачыла, якога астатнія чамусьці звалі "брыгадзірам".