Тады, у Каралішчавічах, выступаючы перад маладымі літаратарамі, Васіль Вітка даказваў, што ледзь не кожнае слова людзі ўспрымаюць па-рознаму.
— У маладыя гады, — гаварыў Цімох Васільевіч, — я першы раз чытаў аповесці Валянціна Катаева і аж да слёз насмяшыла прозвішча аўтара. Хіба ж не смешна: Валянцін Пятровіч ката еў?!
Той каралішчавіцхі эпізод прыгадаўся мне праз многа гадоў, пад час працы над гэтай кнігай, калі раптам назва вёскі Еўлічы, дзе нарадзіўся Цімох Васільевіч, „разбілася” на два словы: „еў” і „лічы”. Значыць, еў ці не, а лічы, што еў. Нават жартоўны вершык паявіўся:
Рагаталі, як сычы,
Людзі слуцкай вёскі,
І пайшлі
Па зямлі
Дружна пагалоскі:
„Не маўчы,
А гавары:
Піў, лічы.
Ды еў, лічы!..”...
З той вясёлае пары
Вёску клічуць Еўлічы.