ЦЕСНЫ СВЕТ!

У мяне быў і яшчэ адзін урок Васіля Віткі, хоць сустрэцца ў сярэдзіне 90-х гадоў і не выпала. Перабудова і галоснасць унеслі карэктывы ў жыццё. Чалавеку далі магчымасць мець погляды, адметныя ад афіцыйных. Гэта, аднак, падзяліла грамадства на „нашых” і „нянашых”.

У сям'і здарылася няшчасце: дачка Наташа трапіла ў аварыю. У гэты цяжкі для нас момант жанчына, якая адносілася да „нянашых” і прынесла непрыемнасцей для сям'і, зрабіла крок насустрач — абяцала дамовіцца са сваім блізкім родзічам, што працаваў у Мінску ўрачомтраўматолагам, каб той агледзеў дачку. У жыцці так бывае: людзі і недалюбліваюць, і сварацца, а як прыйдзе бяда — дапамагаюць адзін аднаму.

Наташа была ў такім стане, што везці яе ў сталіцу было нельга, але пазней, калі яна знаходзілася ў навукова-даследчым інстытуце,мы ўспомнілі пра колішнюю прапанову. І як жа здзівіліся, даведаўшыся, што той урач-траўматолаг — не хто іншы, як Вісарыён Цімафеевіч Крысько — сын Васіля Віткі!

Знаходзячыся пад уражаннем „адкрыцця”, я паўтараў два словы:

— Цесны свет! Цесны свет!..

Сапраўды, калісьці Васіль Вітка дапамагаў мне, дзіцячаму пісьменніку, станавіцца на ногі, а зараз ягоны сын ратаваў маю дачку. Потым неяк падсвядома прыйшло перакананне ў тым, што Цімох Васільевіч — гэты Мудрэц з вялікай літары — яшчэ раз працягнуў руку дапамогі, пастараўся памірыць з чалавекам, каб я не насіў у душы крыўды...


Загрузка...