Маладыя пісьменнікі ўбачылі, які прынцыповы бывае Васіль Вітка, калі яму нешта не падабаецца. Варта было настаўніку з Дзяржынскага раёна прачытаць сваё слабое апавяданне, а камусьці з маладых падтрымаць яго:
— Задума ёсць, вось толькі мова падводзіць аўтара... — як Цімох Васільевіч рашуча запратэставаў :
— Мова падводзіць?! Не можа быць добрым пісьменнікам той, хто не валодае мовай у дасканаласці! А тут дзеці гавораць між сабою, як дзядзькі дарослыя, прымаюць пастановы. Чым жа яны будуць займацца, як вырастуць?..
Праз некалькі дзён, сустрэўшы ў Мінску, Цімох Васільевіч зноў згадае настаўніка з Дзяржынска і выкажацца востра, бы вынесе прысуд:
— Гэты чалавек глухі да мовы. Не можа ён быць пісьменнікам!
У аўтара была ўжо выдадзеная першая кніжка. І, мусіць, апошняя.