У Мінск мы прыехалі ў пачатку кастрычніка. Горад быў разбураны, жыллё знайсці цяжка. Але свет не без добрых людзей. Нас прытуліў у сваім маленькім пакойчыку выдатны чалавек і цудоўны пісьменнік-франтавік Мікола Лупсякоў.
Ён абагрэў нас, накарміў, звадзіў у лазню на плошчу 8-га Сакавіка.
Праз тыдзень па хадайніцтве Міхася Лынькова і Кузьмы Чорнага Літфонд Саюза пісьменнікаў выдзяліў для нас маленечкі пакойчык у старым доме па вуліцы Берсана. Пазней мы перабраліся на вуліцу Крапоткіна, а адтуль -Маладзечанскую, 12. Гэта была ціхая, невялічкая вуліца, спакойныя суседзі. Насупраць нашых веснічак - уваход у двор маёй любімай хуліганскай 44-й школы, дэе я вучыўся да дзевятага класа.