Праз сорак гадоў пасля Вялікай Перамогі ў бацькі запыталіся, як ён сустрэў 9 мая 1945 года. Пра той дзень Вітка напісаў 7 красавіка 1995 года. Не выдумляючы нейкай "экзатычнай" карцінкі, ён расказаў, што знаходзіўся ў родных Еўлічах, дзе запісваў новыя вершы, калі прыбеглі настаўніцы з радаснай навіною.
Яны запрасілі бацьку выступіць на мітынгу, дзе сабраліся настаўнікі, вучні і жыхары вёскі. Як умеў, ён гаварыў прамову, трохі ўзнёслую і ўрачыстую, добра разумеючы, што дзеці і дарослыя плачуць не ад яго слоў, а таму, што ў кожнага свой боль, свая жывая рана. Стараючыся не паказаць слёз, плакаў і сам прамоўца, у якога фашысты закатавалі бацьку.