Гэты вялікі аднатомнік Янкі Купалы, падараваны бацьку Уладзіславай Францаўнай пасля пастаноўкі купалаўцамі "Шчасця паэта", цяпер - гонар маёй бібліятэкі. Цётка Уладзя напісала на франтыспісе:
"Паважанаму тав. В. Вітху ад усяво серца, дзякую за яго чуйныя, шчырыя адносіны да памяці Янкі.
Яшуэ адзін добры, шчаслівы ўспамін майго дзяцінства — ёлка ў старым Доме пісьменнікаў. Цётка Уладзя была сталай і актыўнай удзельніцай усіх нашых дзіцячых забаў, любіла ўручаць падарункі.
Калі мне было дзесяць ці адзінаццаць гадоў, я атрымаў на ёлцы цікавую кніжку і каробку цукерак. Паколькі было ўжо сорамна валтузіцца з малышнёй у карагодзе, я схаваўся ў кутку паміж нейкімі кустамі і пачаў чытаць. Уладзіслава Францаўна мяне адшукала, доўга дакарала і адправіла весяліцца, але я хуценька збег.
Мілая цётка Уладзя! Не маючы сваіх дзяцей, яна любіла ўсіх нас і для кожнага знаходзіла добрае слова ці ласунак. Праз многа гадоў, калі я ўжо быў студэнтам-медыкам, мы выпадкова сустрэліся з ёю . Я прывітаўся. І яна спытала:
- Чый жа ты будзеш, хлопча?
Я адказаў.
- Ну, што там зараз піша дзядзька Цімох?
Яна распытала пра маіх родных, пра жыццё, а потым працягнула мне... вялікую цукёрку. Я пацалаваў Уладзіславе Францаўне руку і развітаўся. Болей я яе не бачыў.
Вечная табе памяць, добрая душа!