ХЛЕБ-СОЛЬ АД КРОШЫНЦАЎ

14 верасня 1985 года ў Крошыне Баранавіцкага раёна, на радзіме самабытнага паэта і каваля Паўлюка Багрыма, беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў сабраў Сымон Свістуновіч.

Сымон Сцяпанавіч, вядомы мастак, габелены якога займалі ўжо сваё месца ў сталічных выставах, пісаў апавяданні і да сённяшняга дня працуе ў рэдакцыі газеты „Звязда”. Апроч таго, ён далучыўся і яшчэ да адной важнай справы — да стварэння музея Паўлюка Багрыма.

На адкрыццё музея з'ехаліся многія пісьменнікі. Дэлегацыю Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў узначаліў Уладзімір Калеснік. Прыехала група з Мінска на чале з Васілём Віткам. З Гародні была Данута Бічэль-Загнетава, з Луцка — паэтка і перакладчыца Алена Крыштальная.

Крошынцы сардэчна сустракалі гасцей. Прыняць хлеб-соль ад аднавяскоўцаў легендарнага каваля-паэта даверылі Васілю Вітку, прызнаючы ягоны шаноўны ўзрост і ўклад у літаратуру.

Цімох Васільевіч прыняў дар, пацалаваў хлеб і адламаў маленечкі кавалачак. Разам з Сымонам Свістуновічам яны паклалі кветкі на магілу аўтара верша „Зайграй, зайграй, хлопча малы...”

Затым пачалася вечарына паэзіі. Як звычайна ў такіх выпадках, вёў яе Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Больш за дзве гадзіны гучалі вершы на беларускай і ўкраінскай мовах. Ад імя землякоў Багрыма шчыра дзякаваў пісьменнікам старшыня мясцовага калгаса, які горача падтрымліваў і аказваў дапамогу пачынанням Свістуновіча, Георгій Казляк.

Захаваліся фатаздымкі, зробленыя мясцовым майстрам. На адным з іх — Цімох Васільевіч з хлебам-соллю. На вуснах — прыветная, віткаўская ўсмешка, а ў вачах — шчырая радасць.


Загрузка...