Мінула дзесяць гадоў, як няма з намі Васіля Віткі, але яго творы па-ранейшаму жывуць ў падручніках для малодшых школьнікаў, якім аддаў свой талент паэт.
Яшчэ пры жыцці яго імя было вядома не толькі ў роднай Беларусі. У 1970 годзе Васілю Вітку было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларускай ССР, а праз два гады за кнігі „Беларуская калыханка”, „Казкі” і „Чытанка-маляванка” ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Сусветнае прызнанне прыйшло, калі Вітку ўзнагародзілі Міжнародным Ганаровым дыпломам імя Ханса-Крысціяна Андэрсена. Імя беларускага казачніка была ўнесена ў ганаровы спіс літаратараў, якія пісалі і пішуць для маленькіх жыхароў планеты. Адбылося гэта ў 1978 годзе.
Пасля смерці Цімох Васільевіч жадаў легчы ў родную еўліцкую зямлю. І хаця быў пахаваны ў Мінску, але вярнуўся-такі ў Еўлічы. На пачатку ўжо гэтага стагоддзя еўліцкі калгас, што насіў імя Чкалава, быў пераўтвораны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў „АграВітка”.
Значыць, родныя мясціны памятяюць свайго слаўнага земляка!