У Кургане

Мы жылі на вуліцы Колі Мягоціна. У вялікім пакоі месцілася ўся наша сям' я — 12 чалавек. Дзядуля Грыша (мамін бацька) займаўся шавецтвам. Жанчыны працавалі і вялі гаспадарку, а малыя хадзілі ў дзіцячы садок. Жылі бедна, надгаладзь, але дружна.

У гэты час нас адшукаў бацька. Ён у Маскве быў супрацоўнікам газеты "Савецкая Беларусь", пасля - адказным сакратаром часопіса "Беларусь", а таксама падпрацоўваў у партызанскіх сатырычных выданнях. Ён прысылаў нам пасылкі і грошы. Нам з сястрою рэгулярна прыходзілі падарункі ад бацькі: ягоныя цёплыя лісты, цацкі і дзіцячыя кніжкі.

У сорак другім - сорак трэцім гадах бацька перанёс рэцыдыў раматусовага поліатрыту. Хварэў блізу паўгода і доўгі час хадзіў, абапіраючыся на кіёк. Аднойчы ён прыслаў нам партызанскую газету, дзе была надрукаваная "Балада аб чатырох заложніках" Аркадзя Куляшова.

Маці працавала на абаронным заводзе бракоўшчыцай, была актьвісткай, удзельнічала ў самадзейнасці, праводзіла палітінфармацыі. Яе неаднаразова прэміравалі. Адну яе прэмію я помню дагэтуль: мяшэчак цукерак-падушачак і адрэз сітцу на сукенку. Маці, як і іншым ударніцам працы, часам давалі выхадныя, дазвалялі абмяняць рэчы ў навакольных вёсках на прадукты. ..


Загрузка...