Другі раз мяне паклікалі ў Каралішчавічы ў снежні 1975-га. Сюды сабраліся маладыя літаратары, што пішуць для дзяцей.
У адзін дзень да нас прыехалі Алена Васілевіч, Васіль Вітка і Вера Палтаран. Пра майстэрства дзіцячага пісьменніка Цімох Васільевіч гаварыў так:
— Калісьці малым куплялі аддзенне навырост, бо за адзін год не зносіш. Для дзяцей і пісаць трэба гэтак жа добра, зразумела, як і для дарослых, але крыху з хітрынкаю. Тады і бацькі, можа, возьмуць штонебудзь для сябе...
Усе слухалі Цімоха Васільевіча засяроджана. Яго словы як бы набрынялі добрай усмешкаю. Ссівелыя, аж да белізны, валасы, разумны погляд з-пад інтэлігентных акуляраў, кожнае слова ўзважанае і трапнае — такога можна слухаць бясконца, і Вітка працягваў:
— Лірыкі праяўляюць свае здольнасці ў маладым узросце, а дзіцячыя пісьменнікі — потым, як становяцца бацькамі. Гэта першая прыступка. Вышэйшая — калі становяцца прадзедамі. Я пакуль не прадзед, а таму спадзяюся, што мая галоўная кніга яшчэ наперадзе. Гэта першае. А другое — дзіцячы пісьменнік павінен мець багаты жыццёвы вопыт. Відаць, невыпадкова, што выхаванне малых спрадвеку давяралі бабулям і дзядулям. А казкі, якія яны расказваюць сваім унукам, — гэта народная педагогіка, якая будзе выхоўваць вечна. Хаця, калі глядзець на ўзрост, дык бывалі і выключэнні...
І Цімох Васільевіч паведаміў, што сваю знакамітую казку „Канёк-Гарбунок” Пётр Яршоў напісаў у дзевятнаццацігадовым узросце. Калі прачытаў яе Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну, той пахваліў ад душы і прызнаўся, што яму, Пушкіну, не трэба болей пісаць казак, бо лепшую, чым гэтая, не створыць.
Потым Яршоў напісаў шмат твораў, але так і застаўся для ўсіх аўтарам „Канька-Гарбунка”.
— На дзіцячага пісьменніка нярэдка глядзяць, як на чалавека несур'ёзнага, — працягваў гаварыць Цімох Васільевіч. — Ён, сапраўды, пастаянна назірае за паводзінамі малых, іх гаворкаю, удзельнічае ў гульнях, — і расказаў, што Янка Маўр, якому было пад дзевяноста, мог залезці пад стол, хаваючыся ад доктара, які забараніў Івану Фёдаравічу па стане здароўя прыходзіць у Саюз пісьменнікаў...