НЯПРОЙДЗЕНАЯ ДАРОГА ДА БАСТЫНІ

Пяць пасляінстытуцкіх гадоў я працаваў на Лунінеччыне — у Бастынскай сярэдняй школе. Вёў урокі рускай мовы і літаратуры. Адсюль ездзіў у сталіцу, у рэдакцыі.

У сакавіку 1971 года я зноў быў у „Вясёлцы”. Сустрэлі мяне як добрага знаёмага. Гэта, мусіць, і сыграла са мной злы жарт. Нечакана я пачаў расказваць, якая ў нас вялікая школа, аж пад 600 вучняў, што дзеці ніколі не бачылі жывых пісьменнікаў, і запрасіў вясёлкаўцаў прыехаць выступіць у нас.

Запрасіў і асекся: дальбог, спалохаўся сваёй смеласці» Па вуснах Цімоха Васільевіча прабегла ледзь прыкметная ўсмешка:

— А што, хлопцы, з'ездзім і выступім? Каб дзеткі ўбачылі жывых і сівых пісьменнікаў, — і правёў далонню па белых валасах.

Я прыняў ягоныя словы за насмешку, але хлопцы — Пальчэўскі і Грахоўскі — заківалі галовамі:

— Мо-ожна!..

— А як да вас даехаць? — спытаў на поўным сур'ёзе Вітка. — Цягніком ці самалётам? (Гэта быў час, калі пісьменнікі менш ездзілі на легкавушках).

— Цягніком. Можна ехаць да Лунінца і вярнуцца, а можна, не даязджаючы, і ў Бастыні сысці.

— Добра, — сказаў Вітка. — Даручым Алесю Восіпавічу спісацца з вамі. Мы тут парахуем разам і, як будзе трохі вальней, прыедзем!

Усё гэта адбылося так нечакана, так апантана, што я, вярнуўшыся дамоў, усё яшчэ не верыў... Але неўзабаве прыйшоў ліст ад Пальчэўскага. Ён паведамляў, што вясёлкаўцы прыедуць да нас у маі, адразу пасля свята Перамогі.

Я адчуў сябе самазванцам: запрасіў гасцей, не спытаўшыся ні ў кога, а як у школе аднясуцца да гэтага? З пісьмом пайшоў да дырэктара Рашатко.

— Добра. Вельмі добра! — адразу падтрымаў Уладзімір Іосіфавіч. — Трэба толькі падумаць, як сустрэць пісьменнікаў і як потым пачаставаць.

— Пачастунак я бяру на сябе.

— Э не, Расціслаў Мацвеевіч, тут напісана, што не да вас у госці прыязджаюць пісьменнікі, а ў школу, каб выступіць перад вучнямі. Вось школа і паклапаціцца пра сустрэчу...

Мы ўжо сталі рыхтавацца да сустрэчы, як прыйшоў яшчэ адзін ліст ад Пальчэўскага. Алесь Восіпавіч паведамляў, што іх прыезд у Бастынь адкладваецца, бо Цімох Васільевіч захварэў і лёг у бальніцу, а ехаць без рэдактара не выпадае...

Але другога разу ўжо не было, бо ў тое лета я з'ехаў з Бастыні...


Загрузка...