Апошні спачын

На паніхідзе па бацьку ў Саюзе пісьменнікаў гучала музыка Моцарта, Бетховена, Шапэна, Свірыдава, якую ён так любіў. Было многа людзей: родныя, сябры, суседзі, лімаўцы, вясёлкаўцы, студэнты педагагічнага універсітэта... Кожны з нас трымаў у руцэ запаленую памінальную свечку. Свечы прывёз з храма Раства Божага ў Іерусаліме мой зяць Юрый.

Развітваючыся, Сяргей Іванавіч Грахоўскі, што дружыў з бацькам яшчэ з Бабруйска, сказаў:

- Бывай, мой дарагі, мой апошні дружа юнацтва!..

Яшчэ раней бацька, бываючы ў Еўлічах, падабраў сабе месца на пагосце. Яно было пры ўваходзе, каля трох бярозак — там, дзе ляжалі яго бацькі, бабка Аксеня і дзед Максім. Але мама памерла першай... Бацьку мы пахавалі разам з ёю, у Мінску, на Паўночных могілках.


Загрузка...