У далёкія 7О-я гады ўжо мінулага стагоддзя, напрыканцы сакавіка, у час веснавых канікулаў праходзілі Усесаюзныя тыдні літаратуры для дзяцей і юнацтва. У Брэсцкі абласны інстытут удасканалення настаўнікаў, дзе я быў на курсах перападрыхтоўкі, прыехала група дзіцячых пісьменнікаў з розных рэспублік Савецкага Саюза. Беларусь прадстаўляў Васіль Вітка. Вёў вечарыну Уладзімір Калеснік.
Выступоўцы гаварылі цікава, чыталі свае вершы. Калі надышла чарга, Вітка сказаў пра вялікі абавязак настаўніка па выхаванні падрастаючага пакалення, пра неабходнасць зазірнуць у дзіцячую душу, дайсці да яго сэрца.
— Ніхто гэтак, як малыя, — сказаў Цімох Васільевіч, — не верыць у цудадзейную сілу слова. Вось паслухайце лічылку, якая пражыла стагоддзі і дайшла да нас:
Ены бэны тыкі пакі
Орбы торбы енцы сцакі
Евус дэвус кут натэвус —
Старой бабе за печ спаць!
Нічога, апроч апошняга радка, — гаварыў далей Вітка, — не зразумела. Мабыць, лічылка гэтак доўга і жыве, што ў ёй ёсць самае галоўнае для дзіцячай гульні — магія таямнічасці, магія слова. А зараз паслухайце сучасную лічылку — лічылку маіх унучак:
Из-за горки катится
Голубое платьице.
На боку зелёный бант —
Меня любит лейтенант.
Лейтенант молоденький,
Звать его Володенька.
Через месяц, через два
Буду я его жена.
Он жену не полюбил,
Взял топор и зарубил.
А жена не умерла,
Взяла сумку и ушла.
Лічылка, як мне здаецца, складзена таксама дзецьмі, — зазначыў Цімох Васільевіч. — У ёй, нягледзячы на трагічную сітуацыю, усё канчаецца аптымістычна: „взяла сумку и ушла”. А гэта вельмі характэрна для дзіцячай фантазіі...
У той час, як выступаў Васіль Вітка, на двары бушавала навальніца. Раптам грымнуў гром — можа, першы ў тым годзе. У інстытуце згасла святло.
— Вось бачыце, наваражыў! — усміхнуўся Уладзімір Андрэевіч Калеснік.