ПЕРШЫ АЎТОГРАФ

Заканчваўся 1975 год. У плане выдавецтва „Мастацкая літаратура” выхад маёй кніжкі апавяданняў і казак „Вавёрчына дзякуй” значыўся чацвёртым кварталам.

Я не ведаў, ці выйшла яна, і адпрасіўся з семінара, каб з'ездзіць у выдавецтва і пра ўсё даведацца. Найперш заехаў да рэдактара маёй кніжкі Уладзіміра Машкова:

— Не, мы ўсё зрабілі своечасова і даўно здалі ў выдавецтва, — адказаў Уладзімір Георгіевіч. — Павінна была выйсці!..

І сапраўды, зайшоў я ў кнігарню „Светач”, і першае, што кінулася ў вочы, — гэта кніжка з чырвонай вавёрачкай на вокладцы. Яшчэ не прачытаўшы загалоўка, я зразумеў: мая!..

На радасцях купіў адразу дзесяць кніжак. Дадому прывёз толькі адну. Каб паказаць. Але й не гэта было самае галоўнае, а тое — што выпадкова на праспекце Леніна сустрэў Васіля Вітку. Першае, што я зрабіў, пахваліўся кніжкай, якая толькі што выйшла.

— Віншую!.. — сказаў Цімох Васільевіч. — Пакажыце!..

Мы стаялі якраз каля кінатэатра „Цэнтральны”. Зайшлі пад дах, і я падпісаў яму кніжку.

Усё адбылося зусім выпадкова, але з цягам часу я зразумеў: ёсць у гэтым свая заканамернасць, што першую кніжку я падарыў яму, Настаўніку.



Загрузка...