Эвакуацыя

На гэтым я перапыняю бацькавыя запісы і раскажу, што з намі здарылася. Нам не ўдалося трапіць у Гомель (гэта мамін родны горад) бо везлі цераз Оршу і Смаленск.

Ля Оршы фашысты разбамбілі чыгуначную каляю, і некалькі кіламетраў людзям давялося ісці пешшу. Памятаю вялікае поле са старым дрэвам пасярэдзіне. Пад ім мы адпачывалі. Мама на адной руцэ несла Наталку, а ў другой -рэчы. Я трымаўся за сумку і хныкаў ад стомы. Пазней мама прызнавалася:

- Прымаўка: "Жыццё пражыць - не поле перайсці" - падман. Я думала тады, што мы выжывем, толькі калі пяройдзем гэтае поле.

У Оршы нас накармілі, выдалі хлеб на некалькі дзён і хуценька эвакуявалі ў Смаленск. Але ў смаленскіх лясах эшалон трапіў пад бамбёжку. Маме ўдалося выцягнуць з вагона, які гарэў, нас, сумку з дакументамі і пухавую коўдру. Ноч мы прасядзелі ў леса, захутаныя ў коўдру, а вакол усё гарэла. Волею лёсу нас закінула ў сяло Карлінскае Куйбышаўскай вобласці . Мама працавала ў калгасе. У канцы сорак першага яна даведалася, што "Гомсельмаш" эвакуявалі ў Курган, спісалася з роднымі, і мы паехалі да іх.


Загрузка...